Як валянтэры ў Вільні дапамагаюць былым палітзьняволеным. ВІДЭА

Валянтэры з вызваленымі палітычнымі зьняволенымі ў Вільні. 18 сьнежня 2025 году

Два дзясяткі былых беларускіх палітвязьняў з тых, каго 13 сьнежня вывезьлі ва Ўкраіну, апоўдні 18 сьнежня прыехалі ў Вільню. Іх сустракалі валянтэры, журналісты, палітыкі.

Адзін з валянтэраў Даніла Гаркавы на ўласным аўтамабілі дапамагае былым палітвязьням, якія прыехалі ў Вільню. Ён патлумачыў Свабодзе, якім чынам робіць сваю працу.

«Я сустракаю на сваім аўтамабілі нашых вызваленых палітзьняволеных, герояў і гераіняў. Дапамагаю ім дабрацца да месца, у якім яны будуць адпачываць. Гэта вялікая радасьць — далучыцца да такога чыну. Гэта простае дзеяньне, якое не патрабуе звышвысілкаў, якое можа зрабіць кожны», сказаў Даніла Гаркавы.

Гаркавы адзначыў, што палітзьняволеныя выглядаюць стомленымі і зараз у стане «пэўных эмацыйных арэляў». Ім радасна, але момант неадназначны, бо яны пакуль не разумеюць, як на ўсё рэагаваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Група былых беларускіх палітвязьняў з Украіны праз Польшчу прыехала ў Вільню. ФОТА і ВІДЭА